четверг, 2 июля 2015 г.

Традыцыйная беларуская сям’я і сямейныя адносіны


Адным з найважнейшых інстытутаў любога грамадства з’яўляецца сям’я – сацыяльнае ўтварэнне, заснаванае на шлюбе і кроўным сваяцтве людзей, якія звязаны агульнасцю побыту, узаемнай прававой і маральнай адказнасцю. Менавіта інстытут сям’і з’яўляецца першасным асяродкам узнаўлення народа, сацыялізацыі і этнізацыі малодшых пакаленняў, перадачы соцыякультурнага досведу, гаспадарчай і вытворчай дзейнасці народа. Спецыфіка арганізацыі сям’і ў значнай ступені залежыць ад асаблівасцей развіцця грамадства ў той ці іншы гістарычны перыяд. Сацыяльнае, эканамічнае, палітычнае развіццё грамадства абумоўлівае ролю і месца сям’і ў сістэме і вызначае дынамізм развіцця яе форм, унутраныя адносіны і асаблівасці сямейнага побыту.

Функцыі сям’і. Сям’я як асобная сацыяльная падсістэма выконвае жыццёва важныя функцыі, накіраваныя на задавальненне як грамадскіх, так і сямейна-асобасных патрэб, што адпавядаюць цэнасным арыентацыям членаў сям’і і самой сям’і як асобнага сацыяльнага арганізму.
Адна з найбольш важных функцый сям’і – пракрэатыўная функцыя ці функцыя натуральнага ўзнаўлення чалавечага роду. Шляхам нараджэння дзяцей сям’я задавальняе рэпрадуктыўныя патрэбы грамадства: забяспечвае яго біялагічную неперарыўнасць і натуральнае ўзнаўленне. У той жа час пракрэатыўная функцыя забяспечвае задавальненне натуральнай патрэбы людзей ў прадаўжэнні свайго роду, эмацыянальнай патрэбы ў бацькоўстве і мацярынстве, адлюстроўвае цэнасныя арыентацыі сям’і, народа і дзяржавы, якія могуць супадаць ці не супадаць. Арыентацыі на высокую ці нізкую нараджальнасць залежаць ад эканамічнай сітуацыі, дэмаграфічнай палітыкі дзяржавы, рэлігійных поглядаў, узроўню адукацыі і сацыяльнага становішча бацькоў і г. д.
Функцыя сацыялізацыі і інкультурацыі. Сям’я з’яўляецца ідэальным механізмам міжпакаленнай культурнай трансмісіі. Менавіта ў сям’і засвойваюцца этычныя і эстэтычныя ўстаноўкі, маральныя каштоўнасці, цэнасныя арыентацыі, прынятыя ў пэўным соцыуме. Праз штодзённае сумеснае жыццё прадстаўнікоў розных пакаленняў і назіранне асабовага прыкладу бацькоў паступова перадаюцца асноўныя правілы жыцця ад старэйшых пакаленняў да малодшых, што забяспечвае іх трывалае існаванне.
Функцыя аднаўлення этнаса. Сям’я з’яўляецца тым асяроддзем, дзе адбываецца ўспрыманне дзецьмі роднай мовы, нацыянальнай культуры, далучэнне да этнічных каштоўнасцей у агульным працэсе сацыялізацыі, фарміраванне этнічнай свядомасці, першых уяўленняў аб пэўнай супольнасці “мы” у адрозненне ад “чужых”, “ня-мы”, выхаванне пачуцця прыналежнасці да шматвекавой спадчыны народа.
Эканамічная функцыя. Накіравана на стварэнне і ўзнаўленне матэрыяльных асноў жыццядзейнасці сям’і. Ажыццяўляецца праз працу членаў сям’і (вытворчая падфункцыя) і размеркаванне даходаў з улікам асабістых і агульнасямейных патрэб (спажывецкая падфункцыя).
Экспрэсіўна-рэкрэацыйная функцыя. Толькі ў сям’і можа быць створаны той эмацыянальна-псіхалагічны клімат, які спрыяе лягчэйшаму пераадоленню чалавекам стрэсавых сітуацый, стварае пачуццё абароненасці і асабістай запатрабаванасці. З іншага боку – адпавядае натуральным патрэбам клапаціцца аб іншых. Сям’я з’яўляецца маральна-псіхалагічнай крэпасцю для псіхікі чалавека, захінаючы яе ад шкодных уздзеянняў знешняга свету. Экспрэсіўна-рэкрэацыйная функцыя задавальняе патрэбы чалавека ў перыядычным адпачынку, выхаду са штодзеннага руціннага побыту. Ажыццяўляецца шляхам наладжвання сумеснага адпачынку, сямейных свят і ўрачыстасцей і г. д. 

Шлюб. У аснове сям’і ляжыць шлюб як гістарычна абумоўленая, санкцыянаваная і ўрэгулюляваная грамадствам форма адносін паміж мужчынам і жанчынай. Стварэнню шлюбу папярэднічаюць пэўныя адносіны, у якія ўваходзяць матывы і харктар дашлюбных адносін, шлюбныя арыентацыі, матывы заключэння шлюбу. У аснове шюба ляжыць прававая база, а таксама адносіны духоўнага, этнакультурнага, маральнага і эканамічнага характару. 
Шлюбныя адносіны ў традыцыйным грамадстве вызначаліся поглядам на жыццё ў сям’і як на адзіны “законны” спосаб існавання чалавека. Сям’я была, перш за ўсё, вытворчай адзінкай. Чалавек меў патрэбу ў сям’і, у дзецях, паколькі поспех і дабрабыт працоўнага калектыва залежаў ад колькасці працоўных рук. З іншага боку, толькі жанаты чалавек лічыўся ў поўнай меры дарослым, меў права голасу ў калектыве і мог весці самастойную гаспадарку. Па-трэцяе, шлюб у традыцыйным грамадстве ніколі не быў асабістай справай маладых. Калектыў быў зацікаўлены ў стварэнні і ўстойлівым існаванні сям’і як неабходнай умовы пераемнасці народных ведаў, вопыту, культуры іншымі пакаленнямі. Жыццё не ў шлюбе ўспрымалася грамадскай думкай як жыццё “не ў законе”. Бясшлюбнасць асуджалася грамадствам, людзі, якія не стварылі сям’і складалі меншасць, не карысталіся павагай і атрымлівалі розныя агідныя найменні (“вечна”, “сіўка”, “сівакоска”, “пакідзішча”, “сядуха”, “шэдка”, “сядзіць макам”, “у пук пайшла”, “саломены жаніх” і інш.).
У адпаведнасці са статусам сям’і фарміравалася і практыка падрыхтоўкі маладых людзей да шлюбу і сямейнага жыцця. Шлюбныя арыентацыі, выбар партнёраў і стварэнне сям’і ніколі не з’яўяліся асабістай справай маладых людзей ці іх бацькоў. Гэта быў прадмет клопату грамадства, якое ўплывала на шлюбныя працэсы праз добра арганізаваныя сацыяльныя інстытуты: узроставыя маладзёжныя аб’яднанні, сельскую абшчыну, царкву.
Заключэнню шлюбу папярэднічаў перыяд знаёмстваў і заляцанняў. Звычайна моладзь знаёмілася часцей на вячорках узімку, на гуляннях ці падчас сумеснай працы ў полі. У Сярэднявеччы традыцыямі яшчэ язычніцкіх часоў дашлюбныя адносіны моладзі не былі жостка рэгламентаваны. Але лічылася, што такія адносіны павінны быць накіраваны на абавязковае стварэнне сям’і. Тым не менш, грамадствам і царквой строга асуджалася нараджэнне пазашлюбных дзяцей, што прыводзіла да сацыяльнай смерці будучай нявесты, якая ўжо не магла выйсці замуж. 
У ХІХ стагоддзі хлопцам і дзяўчатам з 14 – 15 гадоў дазвалялася наведваць сходы моладзі – вячоркі, паседкі, попрадкі, супрадкі, дзе і адбываліся ў асноўным знаёмствы і збліжэнне будучых шлюбных партнераў. Нефармальныя зносіны моладзі мелі закрыты вузкалакальны характар. Звычайна на вячоркі збіраліся разам жыхары адной вескі, прычым, з сем’яў аднолькавай ступені заможнасці. Калі веска была даволі вялікая, у ёй магло існаваць некалькі груп моладзі, асобна збіраліся больш багатыя і бедныя і часам нават варагавалі паміж сабой. Гэты фактар у немалой ступені вызначаў вузкатэрытарыяльны характар шлюбных арыентацый, калі мужа ці жонку выбіралі са сваёй ці з суседняй вёскі. У феадальны перыяд гэтаму спрыяла і неабходнасць выплочваць асобы падатак “куниче”, калі дзяўчына выходзіла замуж у чужы маёнтак. 
У традыцыйным беларускім грамадстве роля бацькоў у стварэнні шлюбу была вызначальнай. У Сярэднявеччы іх волі падпаракоўваліся безумоўна. Пазней, у ХІХ стагоддзі выпадкаў, калі бацькі жанілі дзяцей гвалтоўна было адносна няшмат, тым не менш шлюб без бацькоўскай згоды быў немагчымым. Ад бацькоў залежала матэрыяльнае становішча маладой сям’і і адносіны ў сям’і, куды павінна была перайсці нявеста пасля вяселля. Таму страх быць пазбаўленым бацькоўскага благаславення часцей за ўсё ўтрымліваў маладых людзей ад стварэння такой сям’і. Звычайна бацькі ведалі, з кім сустракаецца іх сын ці дачка, і мелі магчымасць паўплываць на гэтыя адносіны, але, калі не было эканамічных ці сацыяльных перашкодаў для заключэння шлюбу, то прыхільнасці дзяцей стараліся ўлічваць. 
Шлюбная стратэгія зводзілася да таго, каб узмацніць эканамічнае становішча сям’і і, па магчымасці, падняць яе сацыяльны статус. Таму пры выбары партнёра ў першую чаргу звярталі ўвагу на яго матэрыяльнае становішча, здароўе і працаздольнасць, паколькі менавіта апошняе вызначала сацыяльны статус сялян, іх прэстыж у грамадстве. Нават калі дзяўчына не мела добрага пасагу, але была добрай працаўніцай і рукадзельніцай, ёй не пагражала застацца ў дзеўках. 
Змешаныя шлюбы былі з’явай надзвычай рэдкай, што вызначалася і замкнутым характарам нефармальных зносін моладзі, якія адбываліся на аснове тэрытарыяльнага і маёмаснага раздзялення, і рознымі перашкодамі, замацаванымі ў сямейна-шлюбным заканадаўстве. Так, забараняліся шлюбы сваякоў да чацвёртага калена, зводных брата і сястры, значна абмяжоўваліся шлюбы прадстаўнікоў розных веравызнанняў і розных саслоўяў. 
У беларусаў існавалі розныя віды шлюбу. Некаторыя з іх склаліся яшчэ ў старажытнасці ў выглядзе норм звычаёвага права і пазней былі замацаваны ў сямейна-шлюбным заканадаўстве. Найбольш пашыраным быў шлюб па змове. Падчас сватання паміж сем’ямі жаніха і нявесты заключалася дамова аб згодзе на стварэнне шлюбу, аб яго маёмасных і часавых умовах. Гэты працэс адбыващся ў прысутнасці сведкаў (сваякоў і суседзяў маладых) у вуснай ці пісьмовай (часцей у гарадах) форме.
З даўніх часоў сярод беларусаў існаваў шлюб “на веру”, “на сумленне”, г. зн. без царкоўнага вянчання. Царква і дзяржава змагалися з яго існаваннем. Дзеці з такой сям’і (их называлі “бенкарты”, “букарты”, “бастрі”) лічыліся незаконнанароджанымі і былі абмежаваны ў спадчынных і грамадзянскіх правах: ім забаранялася ўваходзіць у склад мяшчанскай абшчыны, займаць розныя гарадскія і цэхавыя пасады і, іншы раз, нават жыць у гарадах. Для атрымання асноўных грамадзянскіх правоў было неабходным правядзенне спецыяльнага абрада ўсынаўлення такіх дзяцей, які ўключаў царкоўны і грамадзянскі рытуалы. Тым не менш, у народзе законным лічыўся толькі той шлюб, што быў заключаны па дагавору і замацаваны вясельным абрадам, нават і без вянчання. Венчаны шлюб, але без вяселля лічыўся незаконным. Звычайна шлюб “на веру” сустракаўся сярод удоў і ўдаўцоў, беднаты, не меўшай сродкаў для правядзення вяселля, ці маладых людзей, якія стварылі шлюб без згоды бацькоў.
У ХVІ ст. сярэдні шлюбны ўзрост складаў для хлопцаў 14 – 16 гадоў, для дзяўчат – 12 – 13 гадоў. З цягам часу ён павышаўся. Закон 1830 г. абмяжоўвае шлюбны ўзрост 18 гадамі для хлопцаў і 16 гадамі для дзяўчат. Абмяжоўваўся і максімальны ўзрост уступлення ў шлюб – 80 гадоў. У першай палове ХІХ стагоддзя дзяўчаты ўступалі ў шлюб часцей за ўсе ў 16–19 гадоў, хлопцы – у 19–22 гады. Да канца ХІХ ст. шлюбны ўзрост павысіўся: найбольшая колькасць шлюбаў у гарадах прыходзілася ў дзяўчат на ўзрост 20–25 гадоў, у хлопцаў – 25–30. Шлюбны ўзрост вар’іраваўся у залежнасці ад рэгіёна і тыпу пасялення. Так, у гарадах сем’і ствараліся ў больш познім узросце, чым у вёсках; на поўдні – раней чым на поўначы. Самыя раннія шлюбы зафіксаваны на Палессі.
Практыка ранніх шлюбаў сярод сельскага насельніцтва абумоўлена гаспадарчымі і маральнымі меркаваннямі, паколькі сям’я пасля жаніцьбы атрымлівала яшчэ адны працоўныя рукі, нежанатыя не маглі разлічваць на зямельны надзел, не мелі ўплыву ў грамадстве. Акрамя таго, існавала традыцыя аддаваць дачку замуж, калі сватаюць (“Жані сына калі хочаш, калі можаш давай доч”), асабліва калі за ёй не давалі добрага пасагу і хваляваліся, што яна застанецца ў дзеўках.
Структура сям’і. У аснове сям’і ляжалі не толькі шлюбныя і кроўна-сваяцкія сувязі, у значнай ступені характар і форму сям’і вызначалі вытворча-гаспадарчыя адносіны. Па сваей структуры сем’і беларусаў можна падзяліць на малыя, вялікія, ці нераздзеленыя, і сямейныя кааперацыі. 
Малыя сем’і вядомы трох відаў:
1. элементарная шлюбная пара;
2. нуклеарная сям’я, якая складаецца з двух пакаленняў: бацькі – дзеці;
3. ускладнёная малая сям’я, дзе акрамя бацькоў і іх дзяцей пражывае хто-небудзь з бацькоў ці іншых сваякоў мужа (часцей) ці жонкі.
Вялікая сям’я з’яўлялася больш складаным утварэннем і уключала непасрэдных сваякоў 2–4 пакаленняў, якія вялі сумесную гаспадарку і мелі агульную ўласнасць. Вялікія ці нераздзеленыя сем’і могуць быць некалькіх відаў:
1. вялікая бацькоўская сям’я: а) адналінейная вялікая бацькоўская сям’я. Уключала шлюбную пару і жанатага сына з яго сям’ей;
б) многалінейная вялікая бацькоўская сям’я. Уключала шлюбную пару з дзецьмі і сем’ямі дзяцей;
2. вялікая брацкая сям’я. Магла быць толькі многалінейнай. Складалася з сем’яў двух ці больш братоў;
3. вялікія сем’і з зяцямі-шурынамі, прымакамі, дзяцькамі і пляменнікамі.
Сямейныя кааперацыі аб’ядноўвалі не абавязкова сваякоў, але і няродных людзей, утвараліся, калі ў сям’і не хапала працоўных рук для вядзення гаспадаркі. У такіх выпадках запрашаліся памочнікі: “сябры”, “дольнікі”, “сумеснікі”, “таварышы”, “патужнікі”, якія выконвалі пэўныя абавязкі па гаспадарцы і апрацоўцы зямлі.
Структура сям’і залежала ў першую чаргу ад характару эканамічных адносін ў грамадстве. Кожнаму гістарычнаму перыяду з адпаведнай эканамічнай палітыкай адпавядае пэўны прынцып арганізацыі сям’і як першаснай вытворча-гаспадарчай адзінкі. Уплывалі на структуру сям’і перыяды войн і спусташэнняў, калі колькасны склад сям’і рэзка скарачаўся і павялічваўся ў мірныя часы.
Адной з першапачатковых форм сямейнай арганізацыі, якая існавала падчас фарміравання беларускай народнасці, была вялікая патрыярхальная сям’я. Яна ўключала шлюбную пару і іх дзяцей, унукаў, праўнукаў, столькі пакаленняў, колькі можа нарадзіцца на працягу жыцця чалавека. Трансфармацыя вялікай сям’і была доўгім і неадназначным працэсам. Фарміраванне малых сем’яў адбывалася не толькі праз распад вялікай сям’і ці праз адасабленне малой са складу вялікай. Доўгі час суіснавалі вялкія і малыя сем’і і іх пераходныя формы. У адпаведнасці з пэўнай гаспадарчай сітуацыяй малыя сем’і маглі аб’ядноўвацца ў вялікія ці нават ў саюзы суседскіх сямей і з цягам часу зноў дзяліцца на малыя.
Для перыяду Сярэднявечча характэрны сінкрэтызм існавання старых родавых сувязей і бытавання абшчынна-суседскіх адносін. Калектыўныя міжсямейныя адносіны характэрны для дворышчаў і службаў, якія ўключалі ў свой склад групы вялікіх і малых роднасных і несваяцкіх сем’яў і спалучалі прыватнасямейнае вядзенне гаспадаркі і агульнае землеўладанне ці землекарыстанне. Такія аб’яднанні служылі адзінкамі падаткаабкладання і ствараліся ў адпаведнасці з эканамічнымі патрэбамі.
Аграрныя рэформы, перш за ўсё валочная памера, садзейнічалі паступоваму распаду сялянскай абшчыны, перакладу некаторых яе функцый на асобныя сем’і, што паўплывала на характар арганізацыі беларускай сям’і. Падзел вялікіх сем’яў адбываўся згодна са звычаёвым правам атрымання долі спадчыны. У той жа час вялікія сем’і генерыраваліся на аснове малых у адпаведнасці з гаспадарчымі патрэбамі.
Усебаковы аналіз традыцыйнай беларускай сям’і магчымы толькі з сярэдзіны ХІХ ст., калі мы маем поўныя падвроныя апісанні сялянскіх гаспадарак з указаннем ўзросту іх членаў. У гэты час на тэрыторыі Беларусі пераважалі малыя сям’і (51,8 %), нераздзеленыя сем’і складалі 48,2 %. Першыя часцей сустракалася ў гарадах (59,9 % ад агульнай колькасці гарадскіх сямей), другія – у сельскай мясцовасці (малая тут складала 40,1 %). Гарадскія нераздзеленыя сем’і – з’ява, характэрная ў большай ступені для гарадоў Палесся (Мазыра, Рэчыцы, Пінска), дзе ў адрозненне ад іншых гарадоў мелі месца бацькоўскія многалінейныя сем’і, брацкія сем’і (дзе жылі разам чатыры і больш братоў са сваімі сем’ямі), сем’і з пляменнікамі і шурынамі.
Сярод нераздзеленых пераважалі вялікія бацькоўскія сем’і, часцей адналінейныя, трохпакаленныя. Брацкія сем’і ўтвараліся двума братамі з іх сем’ямі, радзей сустракаліся сем’і з трыма ці чатырма братамі. 
Адносна распаўсюджанай з’явай былі сем’і з прымакамі. Прымакоў бралі ў асноўным ў сем’і, дзе не было сыноў, а толькі дочкі. Звычайна такім сямейным калектывам кіраваў цесць, і зяць-прымак аказваўся бяспраўным. Становішча не мянялася і пасля смерці цесця, калі гаспадарка пераходзіла да яго дачкі, а не да зяця. Часам прымакоў бралі ў сем’і, дзе ўжо былі жанатыя сыны. Адбывалася гэта з прычыны недахопу працоўных рук пры вялікай гаспадарцы, ці калі ў сям’і была дачка, якая па нейкіх прычынах не выйшла замуж (была непрыгожая, няздольная да працы, мела фізічны недахоп і інш.). Прымацтва разглядался ў традыцыйным грамадстве як з’ява сацыяльна непрыстыжная, таму ў прымы ішлі часцей за ўсе хлопцы з бедных мнагадзетных сем’яў, якія не маглі дазволіць сабе стварэнне і ўтрыманне новай шлюбнай пары.
У сярэдзіне ХІХ ст. сем’і са здольнікамі не былі пашыранай з’явай. Здольнікаў звычайна бралі ў малыя сем’і, дзе бракавала дарослых і патрабавалася працоўная сіла, ці ў сем’і, дзе жылі старыя людзі, якім было цяжка трымаць гаспадарку і якія мелі патрэбу ў дапамозе. Часам памешчык падсяляў да такіх сем’яў беззямельных сялян або маладую пару з мнагалюднай сям’і.
У сярэднім беларуская сям’я ў гэты перыяд складалася з 8 ці 9 чалавек. Большымі былі нераздзеленыя сем’і, у параўнанні з малымі, і сельскія – у параўнанні з гарадскімі. 
Дзетнасць шлюбных пар у сярэдзіне ХІХ ст. была адносна невысокай. Часцей за ўсё сустракаліся шлюбныя пары з 3 – 4 дзецьмі ў сельскай мясцовасці і з 2 – 3 – у горадзе, пры гэтым даволі многа сямей мелі, па 5 – 6 і 3 – 4 дзіцяці ў сёлах і гарадах адпаведна. Нараджальнасць у беларускіх сем’ях была даволі высокай, але высокай была і дзіцячая смяротнасць. Вялікая плотнасць пражывання, калі любая інфекцыя ператваралася ў эпідэмію, нездавальняючыя санітарна-гігіенічныя ўмовы, дрэннае харчаванне і недастатковая медыцынская дапамога вызначалі высокі працэнт дзіцячай смяротнасці. Напрыклад, у Мінскай губерні з 1000 народжаных 377 дзяцей памірала, не дажыўшы да 5-ці год, у тым ліку 150 з іх не дажывала да года. 
Адмена прыгоннага права паклала пачатак новаму перыяду гісторыі беларускай сям’і. Развіццё таварна-грашовых адносін, рост індустрыяльнай вытворчасці, распаўсюджванне адыходніцтва стваралі ўмовы для значных змен у структуры сям’і і традыцыйных сямейных адносінах. На працягу другой паловы ХІХ ст. адбываўся працэс памяншэння традыцыйнай сям’і і спрашчэння яе форм. Але працэс гэты быў неадназначны, усе тыпы сям’і працягвалі свае існаванне, змяняліся іх суадносіны на карысць малай нуклеарнай сям’і. 
Пашырэнне адыходніцтва ў вёсцы, прыцягненне гараджан да працы на прамысловасці стваралі ўмовы для набыцця эканамічнай незалежнасці асобных шлюбных пар і стымулявалі працэс іх аддзялення ад вялікай сям’і. Адыходніцтва было характэрнай з’явай у большай ступені для маламаёмасных сем’яў, як малых, так і нераздзеленых. Сяляне наймаліся на лесасплаўныя, дарожна-будаўнічыя, сельскагаспадарчыя і іншыя віды работ, а таксама на заводы Пецярбурга, Масквы, Кіева, Адэсы, на руднікі Данбаса. У 80-я г. ХІХ ст. колькасць сялян-адыходнікаў дасягала да 300 тыс чалавек у год. 
Часцей дзяліліся бяднейшыя сем’і, заможныя заставаліся нераздзеленымі, але іх колькасць да канца ХІХ ст. скарацілася ўдвая. У гэты перыяд сярод нераздзеленых значна павялічылася колькасць бацькоўскіх сямей. Гэта сведчыць аб тым, што раздзелы закранулі перш за ўсе брацкія сем’і. Скарачаўся не толькі колькасны састаў, але і кола сваякоў, якія ўтваралі сям’ю. У другой палове ХІХ ст. пераважнае месца займала малая нуклеарная сям’я. Сярод бацькоўскіх нераздзеленых сем’яў большасць сталі складаць сем’і з адным жанатым сынам, значна радзей – з двума.
Раздзелы сямей, удзел членаў сям’і ў капіталістычнай вытворчасці, адыходніцтва – усё гэта спрыяла паслабленню сямейных сувязей. Арыентацыя на дзейнасць па-за сям’ёй прыводзіла да таго, што мнагадзетнасць пачала страчваць сваё эканамічнае значэнне. На прыканцы ХІХ ст. сярэдняя сельская сям’я мела 3-4 дзіцяці, гарадская – 1-3. Большую колькасць дзяцей мелі заможныя сем’і. Сярэдняя сям’я у сельскай мясцовасці складалася з 7-мі чалавек, у горадзе – 5-ці. 
У ХХ ст. працэс спрашчэння форм беларускай сям’і працягваўся. У гэты перыяд назіраюцца раздзелы не толькі сярод заможных сем’яў. Адмена прыватнай уласнасці на зямлю і размеркаванне яе па едаках пасля 1917 г. стымулявалі працэс дзялення вялікіх сем’яў. Каб аддзяліцца, непатрэбна была згода бацькоў, дастаткова было толькі заявы. Мяняліся і адносіны бацькоў да падзелаў. Бацька стараўся дапамагчы сыну пабудаваць новы дом і забяспечыць умовы для самастойнага існавання маладой сям’і. На пачатку ХХ ст. маладая сям’я звычайна жыла разам з бацькамі толькі пэўны тэрмін, неабходны для падрыхтоўкі матэрыяльнай базы для самастойнага вядзення гаспадаркі. Але поўных раздзелаў, калі старыя бацькі заставаліся адны, у беларусаў не было. Адпаведна звычаёваму праву, з бацькамі павінен быў застацца малодшы сын і даглядзець іх у старасці, ён жа атрымліваў у спадчыну бацькоўскую хату. Часам старыя адзінокія людзі, у якіх не было дзяцей, прымалі да сябе іншых сваякоў ці нават чужых людзей для вядзення гаспадаркі з умовай перадачы ім у спадчыну ўсёй маемасці.

Узаемаадносіны ў сям’і. Нормы сямейнага жыцця склаліся ў народным асяроддзі на самых ранніх гістарычных этапах і уключалі ў сабе мноства язычніцкіх дахрысціянскіх нормаў. Да ліку асаблівасцей, захаваных на працягу ўсяго існавання традыцыйнага грамадства, адносілася рэгуляванне сямейнага ладу і сямейнага жыцця звычаёвым правам. Фармальнае ж сямейна-шлюбнае заканадаўства ў параўнанні са звычаёвым адыгрывала менш значную ролю.
Улада ў сям’і заўсёды знаходзілася ў руках уладальніка маёмасці. Пераважнае права на атрыманне зямельнай спадчыны па мужчынскай лініі ў беларусаў было пануючым. Зямельны надзел заўсёды замацоўваўся за мужчынам. Пасля смерці бацькі ў выпадку адсутнасці сыноў спадчына пераходзіла да дачок у якасці пасагу, а пасля ўступлення ў шлюб – да іх мужоў. Звычайна асноўную частку маёмасці атрымліваў старэйшы сын, астатнія дзеці таксама мелі права на пэўную частку маёмасці. Калі старэйшыя браты аддзяляліся ў самастойныя гаспадаркі, бацькоўская хата пакідалася малодшаму сыну, які павінен быў застацца з бацькамі.
У эпоху Сярэднявечча пэўная эканамічная самастойнасць жанчыны забяспечвалася так званым “правам вена” – правам на валоданне 1/3 часткай маёмасці пасля смерці мужа. Калі ў сям’і было многа сыноў, вена магло складаць і меншую доллю, але заўсёды забяспечвала пэўную самастойнасць і эканамічную незалежнасць. Бяздзетныя ўдовы часцей маглі разлічваць толькі на “вена пасажнае” – на пасаг, які з’яўляўся прыватнай уласнасцю жанчыны, але і агульнасямейнай маёмасцю таксама, галоўным распараджальнікам якой быў муж. Памеры вена адпіснога ці спадчыннага і вена пасажнага абмяркоўваліся і ўстанаўліваліся сваякамі жаніха і нявесты яшчэ да заключэння шлюбу.
Абмежаванымі ў правах у беларускай сям’і былі зяці-прымакі. Яны мелі малую долю ў спадчыне, не маглі свабодна распараджацца сямейнай маёмасцю, поўнасцю падпарадкоўваліся цесцю і толькі пасля яго смерці станавіліся галавой сям’і (пры адсутнасці жанатых братоў жонкі) і маглі распараджацца сямейнай маёмасцю сумесна з жонкай.
Узаемаадносіны ў сям’і ў значнай ступені вызначаліся яе формай. Традыцыйнасць, цэнтралізацыя ўлады, аўтарытарнасць кіравання былі характэрнымі для вялікіх нераздзеленых сем’яў. Такія сем’і ўяўлялі сабой даволі вялікія і складаныя па структуры працоўныя калектывы, якія вялі вялікую гаспадарку і патрабавалі вопытнага і ўмелага кіравання. На чале бацькоўскай сям’і стаяў бацька. Ён вызначаў тэрміны асноўных сельскагаспадарчых работ, размяркоўваў гаспадарчыя заняткі паміж членамі сям’і, распараджаўся сямейнай маёмасцю і сямейнай касай, прадстаўляў сям’ю на сельскіх сходах і, увогуле, нёс маральную і матэрыяльную адказнасць за ўсе сферы дзейнасці сям’і. Улада бацькі была бясспрэчнай, члены сям’і падпарадкоўваліся яму ва ўсіх пытаннях, без яго дазволу ніхто не мог распараджацца сямейнай маёмасцю, паехаць на заробкі і г. д. Але з боку сямейнікаў да галавы сям’і высоўваўся таксама шэраг сур’ёзных патрабаванняў. Перш за ўсе – умелае вядзенне гаспадаркі і размеркаванне сямейных сродкаў. Галаве не даравалася п’янства, лянота, няўменне разумна распарадзіцца даходамі сям’і. У выпадках, калі ён “запускаў” сям’ю, улада перадавалася ў іншыя рукі, ці сям’я раздзялялася на некалькі самастойных гаспадарак.
У нераздзеленай брацкай сям’і галавой з’яўляўся старэйшы брат. Ён быў уладальнікам значнай часткі сямейнай маёмасці і кіраўніком сямейнага і гаспадарчага жыцця. У адрозненне ад бацькоўскай сям’і, дзе ўся ўласнасць знаходзілася ва ўладанні аднаго чалавека – бацькі, ад якога залежала атрыманне сынамі той ці іншай часткі маёмасці ў выпадку раздзела, у брацкай сям’і ўсе браты юрыдычна былі раўнапраўнымі і ў любы момант маглі прэтэндаваць на частку сямейнай маёмасці. Гэта абумовіла дэмакратычны характар кіравання і ўзаемнаадносін паміж нуклеарнымі сем’ямі ў складзе нераздзеленай брацкай.
Галавой малой сям’і з’яўляўся муж. Адносіны ў такой сям’і вызначаліся перш за ўсё асабістымі якасцямі мужа і жонкі і звычайна характарызаваліся раўнапраўнасцю і ўзаемнай павагай. У яшчэ большай ступені гэта тычыцца гарадскіх сямей, якія адрозніваліся ад сялянскіх характарам эканамічнай асновы. У горадзе жанчына нярэдка разам з мужчынам і нараўне з ім была занята на вытворчасці, што стварала глебу для яе эканамічнай самастойнасці і раўнапраўнага становішча. Аўтарытэт жанчыны-гараджанкі, праца якой разглядалася як сацыяльна значная, быў звычайна вышэй за аўтарытэт жанчыны-сялянкі.
З юрыдычнага пункту гледжання жанчына ў традыцыйнай беларускай сям’і была бяспраўнай. Яна не магла атрымліваць ў спадчыну рухомую і нерухомую маёмасць, распараджацца сямейнымі сродкамі, мела права толькі на свой пасаг. Але фактычна жанчына адыгрывала значную ролю ў штодзённым жыцці сям’і. Менавіта ад яе спрытнасці і працавітасці залежала наладжанасць штодзёнага быту, яе асабістыя якасці ў значнай ступені вызначалі эмацыянальна-псіхалагічны мікраклімат ў сям’і. Што да пытання выхавання дяцей, то тут жанчыне належыць дамінуючая роля, паколькі працэс дагляду за дзецьмі, іх выхавання і навучання ляжаў на жаночых плечах. 
Становішча жанчыны залежала ад тыпу сям’і. У нераздзеленай бацькоўскай сям’і гаспадыняй з’яўлялася маці. Яна кіравала жаночай часткай сямейнага калектыву, размяркоўвала гаспадарчыя работы паміж нявесткамі і сама ніколі не заставалася без працы. На плячах гаспадыні ляжала вялікая адказнасць. Менавіта ад яе залежаў псіхалагічны клімат ў сям’і, тое, наколькі мірна ўжываліся разам нявесткі і іх сем’і. Ад гаспадыні патрабавалася мудрасць і кемлівасць, каб добра арганізаваць вядзенне вялікай гаспадаркі і пры гэтым справядліва размеркаваць заняткі і абавязкі сярод нявестак, дагляд за дзецьмі, наладзіць своечасовае і якаснае харчаванне сям’і. 
Становішча нявестак было неаднолькавым. Старэйшая нявестка з’яўлялася першай памочніцай і намесніцай маці, ёй давяраліся найбольш важныя справы. Звычайна прыгатаваннем ежы займалася сама гаспадыня, якую магла замяняць у пэўных выпадках толькі старэйшая нявестка. Цяжэй за ўсё прыходзілася малодшай нявестцы ў першыя гады замужжа. З аднаго боку гэта быў перыяд псіхалагічнай адаптацыі да ўмоў існавання ў чужой сям’і, прывыкання да свайго новага становішча, новых правіл і парадкаў. З другога – ад яе патрабаваўся штодзённы доказ яе ўмення і жадання працаваць. Толькі здаровая і працавітая нявестка заслугоўвала добрых адносін з боку свякрухі, што таксама абумоўлівала адносіны з боку свёкра і іншых членаў сям’і, і, у пэўнай ступені, нават мужа. Звычайна малодшая нявестка ўставала раней за іншых і выконвала распараджэнні гаспадыні. Увогуле, нявесткі ў традыцыйнай беларускай сям’і былі дармавой рабочай сілай. Яны не маглі распараджацца сямейнай маёмасцю, мелі невялікі ўплыў на сямейнае жыццё, пры гэтым штодзень выконвалі цяжкую працу. 
Больш свабодна сябе адчувалі нявесткі ў брацкіх нераздзеленых сем’ях. Гаспадыняй тут лічылася жонка старэйшага брата, але яна не мела такой улады, як маці ў бацькоўскіх сем’ях. Нявесткі мелі амаль аднолькавы статус і не адчувалі ўціску з боку свёкра і свякрухі. У такіх сем’ях часцей адбываліся сваркі паміж нявесткамі, куды часам ўцягваліся і іх мужы, што нарэшце прыводзіла да раздзелу сям’і. 
Больш свабоднай адчувала сябе жанчына ў малой сям’і, дзе яна была сама сабе гаспадыня. Але, з іншага боку, калі ў нераздзеленай сям’і існавала размеркаванне працы паміж нявесткамі (напрыклад, калі адна з іх займалася прадзівам, то ёй ужо не даручаліся іншыя справы), то ў малой сям’і жанчына павінна была паспець і спрасці, і дагледзець дзяцей, і ўправіцца з гаспадаркай, і прыгатаваць ежу для сям’і і г. д.
У сялянскіх сем’ях незалежна ад іх тыпу існаваў строгі падзел заняткаў на мужчынскія і жаночыя. Мужчына займаўся найбольш працаёмкай дзейнасцю: араў зямлю, сеяў, касіў, збіраў ураджай, нарыхтоўваў дровы, корм для жывёлы, рамантаваў пабудовы і прылады працы. Жанчына забяспечвала сям’ю ежай, адзеннем, прыбірала ў хаце, мыла бялізну, працавала ў агародзе, даглядала дзяцей, падчас касьбы ці збору ўраджаю працавала ў полі ці на сенакосе. Пры неабходнасці нарыхтоўвала дровы, корм для жывёлы, сеяла, касіла, іншымі словамі – выконвала ўсю мужчынскую працу. Мужчыны ж “у бабскія справы ня лезлі”, займацца якімі лічылі ганьбай. Як бы ні была занята жонка, муж ніколі не будзе паліць печ, гатаваць ежу ці падаваць яе на стол, мыць бялізну ці нават даставаць яе з куфра, інакш над ім будзе кпіць ўся вёска.
Гарачай парой для мужчын было лета, узімку, асабліва ў бедных сем’ях, яны былі занятыя значна менш за жанчын.
Жанчына звычайна ўставала на некалькі гадзін раней за мужа, пачынала паліць печ і гатаваць снеданне, якое падавалася ў 7 – 8 гадзін. Абедалі ў 12 – 13 гадзін, палуднавалі (зімою не заўсёды) прыкладна ў 16 гадзін, вячэралі ў 19 – 20 гадзін зімою і ў 21 – 22 гадзіны летам. За сталом звычайна збіралася ўся сям’я. Узімку гэта патрабаванне было абавязковым, вясною і летам, калі поле было далёка, снеданне і абед мужчынам насілі на месца працы, але вячэрала сям’я заўжды разам. 
Крыніцы сведчаць аб добрых і паважлівых адносінах паміж мужам і жонкай. У павазе да бацькоў і да старэйшых выхоўваліся і дзеці. Дэманстрыраваць свае пачуцці лічылася непрыстойным. Муж з жонкай ніколі не цалаваліся і не абдымаліся на вачах іншых людзей. Ідэалам паводзін лічылася стрыманасць і строгасць. Нават любоў да дзяцей імкнуліся не праяўляць адкрыта. Лічылася, што толькі выхаване ў строгасці дае лепшыя вынікі, а з пестуна нічога добрага не вырасце.
Тым не менш, спрэчкі, а падчас і бойкі паміж мужам і жонкай не былі выключэннем. Іх узаемаадносіны ў пэўнай ступені залежалі ад тыпу сям’і. У нераздзеленых сем’ях нявестка, якая незадавольвала бацькоў, падвяргалася пастаянным кпінам і прыцясненням, і муж далёка не заўсёды мог яе абараніць, да і бацькі настройвалі свайго сына супраць нявесткі-няўмекі. 
Пэўны дыскамфорт ва ўнутрысямейных адносінах стварала адыходніцтва, якое было пашырана з другой паловы ХІХ ст. З аднаго боку яно дазваляла ўмацаваць матэрыяльнае становішча сям’і, але з другога – адмоўна ўздзейнічала на сямейныя адносіны. Па-першае, на нейкі час губляліся сямейныя сувязі, часам здаралася так, што адыходнікі “прыжываліся” на новым месцы і не імкнуліся вяртацца да дому. Цяжка прыходзілася ў гэты час і жанчыне без падтрымкі і абароны мужа ў чужой сям’і, асабліва, калі ён доўга адсутнічаў. Па-другое, адыходнікі часта вярталіся дадому з падарваным здароўем, прыахвочваліся на адыходных работах да п’янства, заражаліся венерычнымі захворваннямі. Па-трэцяе, узнікалі спрэчкі наконт заробленых адыходнікам грошай, размеркаваннем якіх у сям’і ён заставаўся незадаволеным, асабліва калі разам жылі яшчэ жанатыя браты. Калі адыходнік не аддаваў усе грошы ў сям’ю і частку з іх траціў на жонку і дзяцей, то незадаволенасць выяўлялася з боку іншых сямейнікаў.
У брацкіх сем’ях часта ўзнікалі спрэчкі паміж нявесткамі. Сварыліся з-за колькасці працы, з-за адносін да яе, з-за дзяцей. Часам адзін брат не жадаў карміць мнагадзетную сям’ю іншага брата. Такія спрэчкі звычайна прыводзілі да раздзелу сям’і.
Адмоўна адбівалася на сям’і п’янства. У большасці выпадкаў да яго прызвычайваліся мужчыны з малых сямей. Яны самі арганізоўвалі гаспадарчыя работы, былі свабоднымі ад улады старэйшых пакаленняў і маглі дазволіць сабе наведванне карчмы. Хаця гарэлку ўжывалі ў асноўным па нядзелях, у астатнія дні мусілі працаваць.
Цяжка адбівалія на сямейных адносінах здрады (часцей мужа). Грамадская думка не асуджала такія ўчынкі з боку мужчын. І наадварот, жанчына, западозраная ў здрадзе мужу, лічылася зганьбаванай на ўсе жыццё. Пайсці ад мужа часта было немагчыма, асабліва пры вялікай колькасці дзяцей, таму ёй прыходзілася моўчкі цярпець абразу і боль.
Традыцыйная сям’я беларусаў вызначалася значнай трываласцю. Разводы здараліся рэдка. Па-першае, адмоўна ставілася да гэтага народная мараль. Жанчына, якая скасавала шлюб, часцей за ўсё больш не выхозіла замуж. Развод адмоўна адбіваўся на дзецях, паколькі рэпутацыя сям’і была адным з найважнейшых фактараў пры заключэнні шлюбу і г. д. Па-другое, атрымаць царкоўны развод было вельмі цяжка. Згодна са статутам праваслаўнай царквы, скасаванне шлюбу дазвалялася ў выпадку смерці мужа або жонкі, даказаннага пралюбадзейства, няздольнасці да шлюбнага жыцця, якое існавала яшчэ да шлюбу, пазбаўлення мужа ці жонкі ўсіх праў маёмасці і адсутнасці без вестак больш за 5 гадоў. Апошняя прычына выклікала найбольшую колькасць скасаваных шлюбаў. На другім месцы знаходзіліся прычыны пазбаўлення маёмасных праў.
У народзе разводы падзяляліся на часовыя (“прочкі”) і канчатковыя (“разлучыны”). Пабоі і здзекі мужа, кпіны з боку свякухі, свёкра, заловак часам прымушалі жанчыну пакідаць сям’ю і ісці ў прочкі. Паводзіны яе ў гэты час залежалі ад заможнасці і ўплывовасці яе роду. Калі род жанчыны быў бедны і не вельмі паважаны, і яна не магла разлічваць на моцную падтрымку і абарону, прочкі не былі надта доўгімі. Бацькі не вельмі хацелі прымаць дачку, і яна мусіла вяртацца праз нядоўгі час да мужа. Калі жанчына была з заможнай сям’і, яна дэманстратыўна забірала вянчальную ікону, куфры са сваім пасагам, дзяцей і з’язджала да сваіх бацькоў. Вярталася да мужа толькі пасля таго, як ён прыходзіў прасіць прабачэння ў жонкі і яе бацькоў. Звычайна напярэдадні прыходзілі яго сваякі, разбіраліся ў прычынах канфлікту і высвятлялі, ці гатова жанчына вярнуцца да мужа. Хадзілі ў прочкі часцей за ўсё маладыя жонкі з вялікіх нераздзеленых сем’яў, дзе ім прыходзілася цярпець кпіны і абразы не толькі ад мужа, але і ад іншых яго сваякоў. Прочкі маглі цягнуцца ад неалькіх дзён да некалькіх месяцаў, пасля чаго жанчына абавязкова вярталася ў сям’ю мужа.
Калі сумеснае жыццё станавілася немагчымым, адбываліся разлучыны. У гэтым выпадку жанчына прыходзіла ў дом мужа са сваякамі, апранала сукенку, у якой брала шлюб, і сядала на ложак, дзе яны з мужам спалі. Тут, у прысутнасці сведак муж і жонка пацвярджалі, што разлучаюцца. Хто-небудзь са сваякоў даваў ім у рукі пояс ці нітку, вынутую з пояса, і перапальваў яе грамнічнай свечкай. Пасля гэтага жонка вярталася да бацькоў як “разлучаная малодка” з правам другі раз выйсці замуж.

Комментариев нет:

Отправить комментарий